СЯМІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1756—63,

вайна паміж Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Іспаніяй, Саксоніяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Вялікабрытаніяй, Партугаліяй, Гановерам і некат. інш. паўн.-герм. дзяржавамі — з другога; вынік барацьбы Вялікабрытаніі з Францыяй за калоніі ў Паўн. Амерыцы і Ост-Індыі і сутыкнення агрэсіўнай палітыкі Прусіі з інтарэсамі Аўстрыі і Расіі. У студз. 1756 Прусія і Вялікабрытанія заключылі Уайтхолскі саюзны дагавор, у маі 1756 Аўстрыя ўвайшла ў саюз з Францыяй. Англа-прускае збліжэнне прымусіла Расію адмовіцца ад арыентацыі на Вялікабрытанію і ў студз. 1757 далучыцца да саюза Аўстрыі з Францыяй. Фрыдрых II перш за ўсё імкнуўся захапіць Саксонію (яе курфюрст Фрыдрых Аўгуст II — адначасова кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III) і абмяняць яе на Багемію (Чэхія), а таксама паставіць Рэч Паспалітую ў васальную залежнасць ад Прусіі. Аўстрыя хацела вярнуць Сілезію, якую захапіла Прусія ў выніку вайны за аўстрыйскую спадчыну ў 1740—48; Францыя планавала захапіць Гановер, а Швецыя — прускую Памеранію. Расія мела на мэце прыпыніць экспансію Прусіі на У і пашырыць свае граніцы на З, пры гэтым Расія абумовіла свой няўдзел у вайне супраць Вялікабрытаніі. У жн. 1756 прускія войскі ўварваліся ў Саксонію, у вер. — у Аўстрыю. У 1756 да аўстра-франц. блока далучылася большасць дзяржаў «Свяшчэннай Рым. імперыі», у 1757 — Швецыя. У пач. вайны прускія войскі атрымалі перамогу над аўстр. арміяй каля Прагі (6.5.1757), але пацярпелі няўдачу каля Коліна (18.6.1757) і былі разгромлены рас. войскамі каля Грос-Егерсдорфа (30.8.1757). Новыя перамогі прускага караля Фрыдрыха II над французамі пад Росбахам (5.11.1757) і аўстрыйцамі каля Лейтэна (5.12.1757) страцілі значэнне пасля перамогі рас. арміі ва Усх. Прусіі, дзе прускія войскі здалі Тыльзіт і Кёнігсберг (студз. 1758). У жн. 1759 рас. армія пры ўдзеле аўстр. войск разбіла прускія войскі каля Кунерсдорфа. У кастр. 1760 рас. войскі ўвайшлі ў Берлін. Аднак Фрыдрых II, скарыстаўшы нерашучасць у ваен. дзеяннях Аўстрыі, нанёс паражэнне яе войскам каля Торгаў (3.11.1760). У 1761 на баку Францыі выступіла Іспанія, а да Вялікабрытаніі прымкнула Партугалія. У снеж. 1761 рас. корпус ген. П.​А.​Румянцава (гл. Румянцаў-Задунайскі) атрымаў перамогу пад Кольбергам. Рас. армія замацавалася ў Памераніі і пагражала Брандэнбургу. Ад поўнага разгрому Прусію выратавалі супярэчнасці ў стане антыпрускай кааліцыі, а таксама смерць рас. імператрыцы Лізаветы Пятроўны (5.1.1762) і прыход да ўлады імператара Пятра III, які заключыў саюзны дагавор з Прусіяй (5.5.1762). Пасля дварцовага перавароту (ліп. 1762) рас. царыца Кацярына II разарвала саюз з Прусіяй, аднак вайну не аднавіла. Вялікабрытанія амаль не ўдзельнічала ў ваен. дзеяннях у Еўропе (яна субсідзіравала Прусію), вяла барацьбу з Францыяй на моры і ў калоніях. У 1762 з вайны выйшла Швецыя, спыніліся ваен. дзеянні паміж Прусіяй і Францыяй, Францыяй і Вялікабрытаніяй. Паводле Губертусбургскага міру 1763 паміж Аўстрыяй і Саксоніяй Прусія замацавала за сабой Сілезію і графства Глац. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 да Вялікабрытаніі ад Францыі адышлі Канада, Усх. Луізіяна, Фларыда і большая частка франц. уладанняў у Індыі. Гал. вынікам С.в. была перамога Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за каланіяльнае і гандл. першынство, за дамінаванне на моры. I хоць паліт. карта Еўропы значна не змянілася, вайна істотна паўплывала на суадносіны сіл яе ўдзельнікаў. Эканам. заняпад і ваен. слабасць паскорылі крызіс абсалютызму ў Францыі і пачатак Французскай рэвалюцыі 1789—99. Аўстрыя стала саюзніцай Расіі ў барацьбе супраць Турцыі. С.в. была першым крокам да гегемоніі Прусіі ў Германіі, спрыяла росту паліт. ўплыву Расіі ў Еўропе. Тэр. Беларусі ў ходзе вайны была тылам рас. войск, якія рабілі тут рэквізіцыі і набіралі рэкрутаў.

Літ.:

Архенгольц И.В. История семилетней войны: Пер. с нем. М., 2001.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)